Неўзабаве красавік падбярэцца да свайго лагічнага завяршэння, і хтосьці з радасцю зможа сказаць «Я правёў на ровары 30 дзён, я выканаў абяцанне». 30 дзён, нягледзячы на «прыўкраснае» снежна-дажджыстае надвор’е. 30 дзён насуперак ляноце й цеплыні ўтульных канап. 30 дзён разам з сябрамі ці паасобку вы рабілі выбар на карысць абяцання. Для навічкоў гэта сталася моцным выпрабаваннем, для профі — добрым стартам для пачатку сезона.
Мы можам ганарыцца тым, што ў Беларусі нас каля 1000 чалавек — тых, хто зарэгістраваўся на афіцыйным сайце акцыі. Гэта нашмат больш за леташнюю колькасць. А значыць, кожны год колькасць велааматараў расце. Але пры гэтым колькасць раварыстаў, тых, хто ездзіў увесь красавік (і не толькі красавік), значна большая за гэтую ўнушальную лічбу!
1 красавіка мы дружна стартавалі, а цяпер прапануем вам паставіць не кропку ў гэтай акцыі, а шматкроп’е.
Запрашаем вас 29 красавіка а 19:00 адзначыць гэтую падзею і прабавіць час у выдатнай сябрыне.
Збор будзе ў парку Перамогі, насупраць гасцініцы «Вікторыя».
А 19:30 мы пакоцім у кірунку Каменнай Горкі (пр. Пераможцаў, Пушкіна, Прытыцкага).
А 20:30 на фінішы нас гасцінна сустрэне кавярня «Гараж» (вул. Прытыцкага, 93) з гарачымі напоямі. Там мы зможам цёпла і ўтульна размясціцца, падзяліцца ўражаннямі, эмоцыямі, успамінамі і планамі. Правядзём узнагароджанне самых актыўных у сацсетках раварыстаў, разыграем прыемныя прызы ад партнёраў. Таксама нас пацешаць выдатнай музыкай нашы сябры: ды-джэй Popopyaty ды JahLee | PrinceSubor.
Тыя, хто не паспее ўзяць удзел у пакатушцы, могуць далучацца непасрэдна ў кавярні «Гараж». Усім будзем дужа радыя!