Што такое ECF

   

Пры канцы траўня 2016 года ў Швецыі прайшоў агульны сход Еўрапейскай роварнай федэрацыі (ECF). МРТ ужо ў чацвёрты раз бярэ ўдзел у гэтай штогадовай падзеі. Пра тое, што такое ECF і навошта яна патрэбная, апавядае Павел Гарбуноў, старшыня ўправы МРТ.

Пры канцы траўня 2016 года ў Швецыі прайшоў агульны сход Еўрапейскай роварнай федэрацыі (ECF). МРТ ужо ў чацвёрты раз бярэ ўдзел у гэтай штогадовай падзеі.

Пра тое, што такое ECF і навошта яна патрэбная, апавядае Павел Гарбуноў, старшыня ўправы МРТ:

Што такое ECF?

ECF — найбуйнейшая еўрапейская роварная супольнасць, яна абʼядноўвае мноства камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, якія развіваюць роварны транспарт па ўсёй Еўропе. ГТ «Мінскае роварнае таварыства» ёсць сябрам ECF з сакавіка 2012 года.

Асноўная ідэя федэрацыі — супольна лабіяваць інтарэсы раварыстаў на еўрапейскім узроўні. Гэта праца на ўзроўні палітыкі, кантроль за тым, каб прымаліся дакументы па мабільнасці, па развіцці роварнага руху, падпісваліся палітычныя мемарандумы. ECF працуе на палітычным (як міжнародным, так і еўрапейскім) узроўні. Штаб-кватэра ECF — у Бруселі. Вынік дзейнасці менавіта гэтай арганізацыі вызначыць складана. Але ўскосная ацэнка такая: роварны бюджэт 28 краін Еўрасаюза вырас за апошнія гады больш як удвая і дасягнуў 1,3 млрд еўра на год.

Таксама ECF працуе на ўзроўні НДА. У склад ECF уваходзіць каля 80 арганізацый, якія абʼядноўваюць агулам каля 500 тысяч раварыстаў. Усю працу выконвае сакратарыят — 12 чалавек.

Увогуле структура ECF па сутнасці гэткая ж, як у МРТ.

Бюджэт пераважна фармуецца за кошт сяброўскіх унёскаў (меншая частка) і спонсараў (большая частка). Бюджэт федэрацыі апошнімі гадамі стабільны — каля 2 млн еўра на год. МРТ таксама плаціць сяброўскія ўнёскі, якія разлічваюцца па наступнай схеме: каля 1 еўра за кожнага актыўнага выплатніка ў арганізацыі. Сёлета мы заплацім 120 еўра. Сума, вядома, сімвалічная.

Цікава, што ECF удалося абʼяднаць мноства спонсараў — вытворцаў ровараў і кампанентаў.

МРТ ужо 5 гадоў сябра ECF. Якія поспехі?

Мы ўдзельнічаем як мінімум у адным праекце ECF: EuroVelo (сетка міжнародных роварных маршрутаў). А сёлета мы падаліся на Leadership Programme — магчымасць для МРТ атрымаць стажыроўкі для некалькіх нашых валанцёраў, для тых, хто бачыць сябе ў НДА-руху. Таксама мы плануем супольна з ECF прамаваць такі інструмент, як bike to work, узнавіўшы наш праект 2014 года — «Дзелавы ровар».

Цяпер разам з Цэнтрам экалагічных рашэнняў мы рэгіструем вялікую грантавую дапамогу ЕС, скіраваную на развіццё гарадскога роварнага руху па ўсёй Беларусі. У рэалізацыі гэтага праекта мы плануем шмат у чым абапірацца на экспертную дапамогу ECF.

Варта таксама адзначыць такі цікавы інструмент, як HEAT — ацэнка сацыяльна-эканамічнага эфекту ад карыстання роварам у горадзе. Мы плануем правесці падобны разлік для Беларусі. Канкрэтныя грошы, якія прыносіць (ці эканоміць) ровар гораду — той аргумент, якім добра апераваць падчас размовы з уладамі.

Якая вага МРТ у ECF? І навошта мы адно аднаму?

У ECF мы ніколі не былі актыўнымі. Адбіваецца няўлучанасць Беларусі ў агульнаеўрапейскія праблемы, банальны брак часу ў актывістаў, якія цягнуць на сабе арганізацыю апошнім часам, адсутнасць сучасных праектаў.

Канкрэтныя праекты — сутнасць супрацоўніцтва. Усё-ткі цяпер усе намагаюцца быць дзелавымі і эфектыўнымі.

Мы як паўнапраўны сябра ECF маем права галасаваць на агульным сходзе. Сёлета ў сябры рады федэрацыі была абраная Ксенія Сямёнава з Украіны (Асацыяцыя раварыстаў Кіева).

Сёлета на сустрэчы мы таксама абмяркоўвалі пытанні палітыкі сяброўскіх унёскаў.

У ECF вельмі актуальная тэма электрычных ровараў і іх класіфікацыі. Да прыкладу, цяпер ECF плануе ў рэгламентах ЕС і краін-удзельніц саюза прапісаць трохузроўневую класіфікацыю. На сёння яна двухузроўневая.

Пакуль вылучаюць Pedelec — ровары з дапаможным электраматорам. Яго характэрная рыса — электраматор не працуе, калі чалавек не круціць понажы. Хуткасць, як правіла, абмежаваная 25 кіламетрамі на гадзіну, а магутнасць рухавіка — да 800 Вт. Гэты тып электраровараў прыраўнаваны да звычайных ровараў.

Другі тып — E-bike. Круціць понажы ў такіх роварах неабавязкова — у іх ёсць «электронны дросель», хуткасць дасягае 45 км/г і вышэй. Таму і «парода» такіх ровараў бліжэй да матацыклаў. Пазіцыя ECF — не прыраўноўваць іх да ровараў. У большасці краін ЕС на такіх роварах нельга ездзіць па веладарожках. Выключэнне складае Галандыя і яшчэ адна краіна (выпала з галавы).

І зараз зʼяўляецца Speed Pedeleс. Ён адрозніваецца ад звычайнага Pedelec тым, што ў ім няма абмежавання хуткасці, а магутнасць рухавіка дазваляе разагнацца да 45 км/г (але застаецца абавязковай менавіта дапаможная функцыя). Вось да чаго яны бліжэй — да ровараў ці да матацыклаў — у Еўропе цяпер вялікая дыскусія.

У цэлым сустрэча ў Швецыі сёлета была добрай нагодай для МРТ пазнаёміцца з іншаземнымі калегамі, у тым ліку з украінцамі, і абмеркаваць магчымыя супольныя праекты. Кагосьці мы ўжо ведалі, а з кімсьці былі знаёмыя толькі па перапісцы.

2016 год, June 10th

Scroll Up