Суд падтрымаў ДАІ: ездзіць па Мінску на ровары па-ранейшаму нельга

   

Учора, 1 жніўня 2011 года, суд Цэнтральнага раёна г. Мінска разглядаў касацыйную скаргу раварыста Уладзя Валодзіна.
2 чэрвеня Валодзін быў аштрафаваны лейтэнантам ДАІ Махначом на 1 базавую велічыню за праезд на ровары па праезнай частцы.

У цяперашняй рэдакцыі беларускіх правілаў дарожнага руху ўтрымліваецца пункт 148, які дазваляе шырокі дыяпазон трактовак і выкарыстоўваецца супрацоўнікамі ДАІ, каб накладаць штрафы на раварыстаў. Згодна з гэтым пунктам, “рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па ўзбочыне, тратуару ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці ўказаных элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 метр ад яе правага края”.

Хаця па большасці беларускіх ходнікаў рухацца на ровары немагчыма або вельмі складана (з-за высокіх бардзюраў, малой шырыні ходнікаў, запаркаваных на ходніках аўтамабіляў ці вялікай колькасці пешаходаў), ДАІ спраўна штрафуе раварыстаў за “парушэнні ПДР”.

Уладзь Валодзін даводзіў у судзе, што менавіта ў гэтым месцы горада (скрыжаванні вуліц Веры Харужай, Крапоткіна і Гая) ехаць па ходніку на ровары немагчыма, але суддзя Аляксандр Хадановіч пакінуў пастанову ад накладанні штрафа без зменаў.

У кабінет, дзе праходзіла паседжанне, не быў дапушчаны старшыня праўлення Мінскага роварнага таварыства Яўген Харужы, які прыехаў у суд на ровары і быў апрануты ў майку і шорты для раварыстаў. Суддзя Хадановіч расцаніў такую вопратку як “непавагу да суду”.

Мінскае роварнае таварыства падтрымлівае Уладзя Валодзіна ў адстойванні правоў раварыстаў і мае намер у далейшым прадпрымаць разнастайныя крокі, каб, з аднаго боку, змяніць пункт 148 правілаў дарожнага руху, а з іншага боку, стварыць для раварыстаў у Мінску спрыяльнае (безбар’ернае) асяроддзе.

Уладзь Валодзін плануе абскарджваць рашэнне суда ў наступных інстанцыях.

2011 год, 8 августа

Прокрутите вверх