Ровары ў цягніках: абмежаванні на габарыты былі і раней

   

Адбылася сустрэча прадстаўнікоў Мінскага роварнага таварыства з намеснікам начальніка пасажырскай службы Кашко Андрэем Аляксандравічам. 

Вось кароткія вынікі размовы: 

  1. З гледжання адміністрацыі чыгункі, правілы вымагалі ад раварыстаў упісвацца ў 200 см і раней, але праваднікоў інструктавалі не «чапляцца», а пускаць гэты аргумент у ход толькі ў скрайніх выпадках. Нас запэўнілі, што і цяпер правяраць памеры будуць толькі ў выпадку якога-небудзь канфлікту. 
  2. У новых правілах дазволілі большы за вызначаныя габары ровар правозіць з даплатай, роўнай кошту звычайнага квітка. Ёсць некалькі цягнікоў з ужо абсталяванымі месцамі для ровараў (Stadler Flirt на рэгіянальных лініях). Яну сумешчаныя з адкіднымі пасажырскімі сядзеннямі, але квіткі для пасажыраў на гэтыя месцы цяпер не прадаюцца. Для правозу на іх ровараў сёння можна проста купіць яшчэ адзін квіток, у будучыні будуць прадавацца спецыяльныя квіткі. 
  3. Цягам трох месяцаў з даты публікацыі новых правілаў (прынятыя 17 ліпеня) чыгунка павінна прывесці ўсё ў адпаведнасць з імі, у тым ліку вырашыць пытанне продажу спецыяльных роварных квіткоў і вызначыць у вагонах месцы для правозу неразабраных ровараў.
  4. Ёсць планы па абсталяванні веламесцаў у вагонах, у тым ліку электрычак, — праца пачалася сёлета ўвесну. Застаюцца некаторыя тэхнічныя цяжкасці, звязаныя з будовай каркаса вагонаў, да якога мусяць мацавацца стойкі. Прапанова проста пашырыць пляцоўку для ручной паклажы, каб ровары маглі станавіцца роўна ўздоўж сцяны (цяпер — па дыяганалі), была адкінута, таму што зменшыцца колькасць пасажырскіх месцаў. 
  5. Дамовіліся, што мы спрабуем розныя варыянты праезду і робім памятку па правозе ровараў, якая будзе напісаная не цытатамі з правілаў, а чалавечай мовай адносна кожнага з варыянаў для розных відаў вагонаў і спосабаў правозу. Памятку чыгунка гатовая ўзгадніць і размясціць у сябе на сайце. 

У агульным выніку мы пабачылі, з аднаго боку, гатоўнасць да дыялогу і супрацоўніцтва ў тых пытаннях, якія не выклікаюць рознагалоссяў, з іншага — адсутнасць жадання стымуляваць выкарыстанне чыгункі раварыстамі ў стратэгічным бачанні развіцця пасажырскіх перавозак. 
 

Гэтак, не знайшлі разумення прапанова адмяніць жорсткае абмежаванне на памер ровараў у ручной паклажы, каб падтрымаць імкенне грамадзян да актыўнага турызму, прапанова перагледзець тарыфы  на правоз неразабраных ровараў (з цяперашнімі тарыфамі гэта не асабліва актуальна ў прыгарадных цягніках, але актуальна пры дальных паездках у розных тыпах цягнікоў). Не разглядаецца магчымасць абсталявання месцаў для ровараў за кошт змяншэння колькасці пасажырскіх сядзенняў. 

Засталося «падвешаным» пытанне з правозам ровараў у плацкартных вагонах. З аднаго боку, было сказана, што праваднікі не будуць надта строга сачыць за датрыманнем правілаў, як гэта было і раней, але, з іншага боку, у любы момант яны могуць гэта зрабіць, і гэтым разам фармулёўкі правілаў на гэты конт гранічна дакладныя. 

Гэтыя пытанні актуальныя не толькі ў кантэксце велатурызму, але і пры інтэграцыі транспартных сістэмаў сталіцы і гарадоў-спдарожнікаў. Звязка «ровар + чыгунка» можа быць зручным сродкам перасоўвання ў паўсядзённых паездках, і наяўнай прасторы вагонаў, прыдатнай для правозу ровараў, можа банальна не хапіць. 

2015 год, 6 августа

Прокрутите вверх