Роварны кангрэс у Маскве. Які ўсясветны досвед можна прымяніць у Беларусі?

   

14―16 красавіка дэлегацыя Мінскага роварнага таварыства разам з прадстаўніком Цэнтра гарадскіх ініцыятыў (Магілёў) пабывала на Другім міжнароднымі роварным кангрэсе ў Маскве. 570 удзельнікаў, 18 краін — натуральна, мы натхняліся і фіксавалі, што можна пераняць у нашых замежных калегаў і якія захады ў нашых умовах не будуць мець сэнсу.

14―16 красавіка дэлегацыя Мінскага роварнага таварыства разам з прадстаўніком Цэнтра гарадскіх ініцыятыў (Магілёў) пабывала на Другім міжнароднымі роварным кангрэсе ў Маскве. 570 удзельнікаў, 18 краін — натуральна, мы натхняліся і фіксавалі, што можна пераняць у нашых замежных калегаў і якія захады ў нашых умовах не будуць мець сэнсу.
 

 
Назіранне № 1 — менталітэт ні пры чым
Калі гаворыш пра стаўленне да ровара як да транспарту, можна пачуць меркаванне, што гэта не тычыцца постсавецкіх краін. Маўляў, у нас аўтамабіль заўсёды быў сімвалам багацця і паспяховасці, там пасадзіць нашага чыноўніка ці бізнесоўца на двухколавы транспарт нерэальна. Насамрэч усе краіны, у якіх сёння добра развіты гарадскі роварны рух, прайшлі праз такое стаўленне. Проста кагосьці да зменаў падштурхнулі заторы ў горадзе, а хтосьці раней задумаўся пра тое, што будаваць больш парковак і пашыраць дарогі ў горадзе — не выхад..
 

Назіранне № 2 — усім надакучылі смерці на дарозе
Vision Zero — канцэпцыя павышэння бяспекі дарожнага руху і зніжэння смяротнасці ў ДТЗ, якая зʼявілася ў Швецыі яшчэ пры канцы мінулага стагоддзя. Свет падыходзіць да высновы, што чым большая хуткасць на нашых дарогах і чым болей машын, — тым больш дарожна-транспартных здарэнняў і смерцяў. Штодня ў свеце 3287 чалавек памірае ў ДТЗ. З іх 500 дзяцей. Дарэчы, у Беларусі летась, паводле афіцыйных звестак, загінуў 581 чалавек. У гарадах, дзе зніжаецца дапушчальная максімальная хуткасць руху на аўтамабілі, статыстыка будзе лепшай. Змяншэнне колькасці смерцяў на дарогах магчымае толькі ў выпадку, калі гарады арганізаваныя для людзей, а не для машын.

 
Назіранне № 3 — развіццё роварнага транспарту выгаднае бізнесу
Міжнародная акцыя «На працу на ровары» паказвае, што тыя бізнес-арганізацыі, якія стымулююць карыстанне роварам як сродкам перасоўвання спаміж сваіх супрацоўнікаў і кліентаў, у выніку атрымліваюць большы прыбытак. Прычым арганізацыі, якія дзяліліся досведам на Роварным кангрэсе, расказвалі, што з кожным годам колькасць удзельнікаў гэтай акцыі расце. Апроч таго, паспяховы бізнес прыйшоў да высновы, што шчаслівы раварыст як правіла пакідае ў краме ці кавярні болей грошай за аўтамабіліста. А спецыялісты міжнароднай арганізацыі ITF (International Transport Forum) падлічылі, што кожны кіламетр на ровары ашчаджае грамадству 0,22 еўра, у той час як кожны кіламерт на аўтамабілі выдаткоўвае 0,76 еўра.
 


Назіранне № 4 — гарадскі пракат ровараў развівае роварны рух і выгадны грамадскаму транспарту
У гарадах з развітай сеткай гарадскога роварнага пракату павялічваюцца продажы ровараў. Людзі, якія паспрабавалі карыстацца роварам з пракату для перасоўванняў па горадзе, часта прыходзяць да высновы, што трэба набыць уласны двухколавы транспарт. Акрамя гэтага, развіццё гарадскога роварнага пракату вядзе да таго, што людзі пачынаюць часцей карыстацца грамадскім транспартам. Справа ў тым, што калі да метро хутчэй і эканамічней дабрацца на ровары, няма сэнсу для гарадскіх паездак карыстацца аўтамабілем.


Назіранне №5 — роварныя маршруты прывабліваюць турыстаў

У гарадах з распрацаванымі роварнымі маршрутамі і спецыяльнымі картамі для гасцей колькасць турыстаў павялічваецца. Людзі паспяваюць наведаць болей месцаў і выдаткаваць болей сродкаў у крамах і кавярнях. Да таго ж, тут працуе і сарафаннае радыё — задаволенага падарожніка не трэба прымушаць дзяліцца сваімі ўражаннямі ў сацыяльных сетках, ён сам з радасцю апавядае сваім сябрам пра гасцінны горад. Выдатны прыклад, як роварны праект можа прывабліваць турыстаў — роварная ноч, якая «вандруе» па розных гарадах.
 

Назіранне № 6 — адзін чалавек у горадзе можа змяніць вельмі шмат
У гэтым няма адкрыцця, але паглядзеўшы на досвед самых розных расійскіх гарадоў, пераконваешся, што нават адзін чалавек можа стварыць каманду і развіваць у сваім горадзе роварны рух. Хтосьці знаходзіць аднадумцаў сярод школьнікаў, хтосьці сярод сяброў, хтосьці ідзе ў сацыяльныя сеткі і збірае каманду. Спосабы розныя, але выснова адна — у нашым выпадку важны кожны актывіст і кожны валанцёр, таму што адзін чалавек з запалам у вачах можа згуртаваць вакол сябе ўвесь горад. Яскравы прыклад — праекты супергероя Пеатаніта з Мексікі.
 
 
Назіранне № 7 — не трэба адкрываць роварны сезон
У гарадах, дзе добра развітая інфраструктура, людзі не хаваюць ровар у халодную паравіну года ў гараж і працягваюць карыстацца ім як відам транспарту… Акурат таму актывісты з паспяховых еўрапейскіх гарадоў прапануюць адысці ад выразаў «адкрыццё роварнага сезону» і «закрыццё роварнага сезону». Для развіцця роварнага руху ў краінах з халодным кліматам ужо арганізоўваецца і зімовы роварны кангрэс, які ў наступным годзе пройдзе ў Маскве. Дарэчы, Мінскае роварнае таварыства падтрымлівае гэтае меркаванне. Просім і вас, сябры, у вашых размовах калі і гаварыць пра нейкія адкрыцці, то хутчэй агучваць гэта як «адкрыццё цёплага сезону» ці «адкрыццё зімовага сезону».


Назіранне № 8 — і нам ёсць чым падзяліцца
Нашы эксперты з радасцю апавялі пра тое, чаго ў Беларусі мы ўжо дасягнулі. Канцэпцыя развіцця роварнага руху, ідэальная роварная дарожка для адпачынку, пастаяннае зніжэнне бардзюраў, роварная школа, роварная кухня, бясплатны роварны пракат, роварныя парады, роварныя маршруты, удзел у міжнародных акцыях… У нас таксама ёсць свае дасягненні, і мы запрашалі іншаземных актывістаў прыехаць у Беларусь і паглядзець на ўсё сваімі вачыма.

 
 
Назіранне № 9 — мы наступаем на адны і тыя ж граблі
Непрыдатныя роварныя паркоўкі, роварныя дарожкі на ходніках, спрэчкі з пешаходамі, партызанскія акцыі — тыповыя памылкі на шляху да раварызацыі. Нават райскія на сённяшні дзень для раварыстаў гарады не адразу такімі сталі. Важна абʼядноўвацца і рабіць, а не жаліцца і казаць, што штосьці немагчыма. Дарэчы, у некаторых момантах можна і трэба карыстацца іншаземным досведам, які ўжо апісаны. Напрыклад, на роварным кангрэсе была магчымасць выйграць кнігу Джанет Садык-Хан, адной з першых спецыялістак у ператварэнні «гарадоў аўтамабіляў» у «гарады людзей». Па праўдзе, выйграць кнігу «Бітва за гарады: Як змяніць нашыя вуліцы» не ўдалося, аднак такі досвед мы не маглі прамінуць і набылі гэтае выданне для адмыслоўцаў МРТ.
 

Падрабязней пра роварны кангрэс і замежны досвед мы яшчэ раскажам і, вядома ж, усе лепшыя практыкі будзем спрабаваць рэалізаваць і ў Беларусі.

Паездка на роварны кангрэс адбылася ў рамках праекта «Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ўстановай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» супольна з грамадскім абʼяднаннем «Мінскае роварнае таварыства». Памер фінансавання складае 560,855 еўра. Змест публікацыі ёсць адказнасць Цэнтра экалагічных рашэнняў і Мінскага роварнага таварыства і не адлюстроўвае пункт гледжання Еўрапейскага Саюза.

2017 год, 27 апреля

Прокрутите вверх