Запрашаем на прэзентацыю кнігі Івана Ілліча "Энергія і справядлівасць. Прылады для таварыскасці"
Іван Ілліч (1926-2002) — амаль невядомы ў Беларусі мысляр, хаця яго творчасць шырока прызнаная ў Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы.
Пік яго вядомасці прыйшоўся на 1970-я гады, калі і выйшлі кніга "Прылады для таварыскасці" (1973) і памфлет "Энергія і справядлівасць" (1974) — адны з ягоных цэнтральных твораў.
Ілліч быў незвычайным чалавекам — каталіцкім святаром, якому Ватыкан забараніў праводзіць багаслужбы; праціўнікам неакаланіялізму, які навучаў валанцёраў са Злучаных Штатаў перад рацай у Лацінскай Амерыцы; універсітэцкім прафесарам, які адмовіўся ад лячэння раку і пражыў з хваробай 15 гадоў.
У цэнтры ўвагі ў "Энергіі і справядлівасці" і "Прыладах для таварыскасці" — пошук тонкага балансу паміж захаваннем навакольнага асяроддзя і ростам якасці жыцця. Іван Ілліч даводзіць, што сацыяльны і Экалагічны прагрэс магчымыя адначасова, і чалавецтва даўно мае ў сваім распараджэнні ўсе неабходныя для гэтага тэхналогіі, але трэба ўмець адабраць сярод іх прыдатныя і абмежаваць выкарыстанне энергіі. "Энергія і справядлівасць" даўно стала і па сёння застаецца настольнай кнігай актывістаў сусветнага антыаўтамабільнага руху.
Чытаць Івана Ілліча — з яго тонкімі назіраннямі, гульнёй словаў, адмысловым гумарам, вынаходніцтвам новых тэрмінаў і вяртаннем да першапачатковага значэння старых — сапраўдная нтэлектуальная асалода.
Некаторыя творы Івана Ілліча (ў тым ліку знакамітая анты-адукацыйная кніга "Расшкольванне грамадства") раней перакладаліся на расійскую мову. На беларускую мову працы Івана Ілліча перакладзены ўпершыню.
Падчас прэезнтацыі слова возьмуць:
Уладзімір Валодзін — перакладчык кнігі;
Таццяна Чыжова, даследчыца ў галіне філасофіі і сацыяльных навук;
Джон Росмэн — дырэктар мясцовага фонда "Экалагічны транспарт" (Менск);
Аляксандра Баравікова — журналістка, перакладчыца.
Заахвочваюцца рэплікі з месца.
Прэзентацыя кнігі пройдзе 4 красавіка па адрасе: вул. Новавіленская, 38, другі паверх, памяшканне 10. Пачатак у 18.30.