Мінск-2014 вачыма раварыста

   

Агляд зменаў у гарадскім асяроддзі Мінска, што адбываліся ў 2014 годзе і закранулі раварыстаў, ад нашага актывіста — lazy.

Аляксандр Дзешчанка, ён жа lazy, — мінскі раварыст з шматгадовым стажам, велатурыст і адзін з сузаснавальнікаў «Мінскага роварнага таварыства». Вылучаецца скептычным поглядам на дзеянні органаў улады і не саромеецца пра гэта казаць. Прапануем агляд зменаў асяроддзя ў Мінску, датычных раварыстаў, з гледзішча Аляксандра. Як кажуць, «пункт погляду аўтара не абавязкова супадае з меркаваннем рэдакцыі». Але можа і супадаць.

Мы паспрабуем зрабіць невялікі аналіз зменаў у гарадской прасторы вакол нас у веларакурсе. Як што гэта наша першая праца такога кшталту, то будуць згадвацца падзеі ранейшых гадоў, што ўкладаюцца ў наяўныя тэндэнцыі.

Такім чынам, 2014 год стаў для Мінска годам хакею. Пад правядзенне чэмпіянату была завершана вялікая колькасць істотных інфраструктурных праектаў. Найперш гаворка ідзе пра шэраг шматузроўневых развязак (Ціміразева — Арлоўская, Дзянісаўская — Маякоўскага, Жукава — Дзяржынскага, Дзяржынскага — Алібегава). Ні ў адным з праектаў, гэтак жа як і ў канчатковай рэалізацыі, аўтары ні на секунду не падумалі пра роварны рух. Больш за тое, наступная аптымізацыя дарожнай сеткі (у асноўным, будаўніцтва падземных пераходаў і павелічэнне колькасці палосаў руху) у раёне згаданых аб’ектаў была скіраваная на павелічэнне хуткасці на дарогах, скарачэнне колькасці наземных пераходаў і, як вынік, прычынілася да далейшага падзелу горада на незвязаныя часткі, практычна непераадольныя без аўтамабіля. Вынік — стварэнне вуліц, якіх раварыстам варта пазбягаць.

Апроч развязак, у Мінску былі ўведзеныя ў эксплуатацыю абноўленыя станцыі чыгункі ў межах праекта «Гарадскія лініі». Мусім адзначыць, што гэтыя змены таксама негатыўна паўплывалі на цэласнасць гарадскога асяроддзя. Уся траса чыгунак у гарадской рысе цяпер агароджаная непранікальным плотам, а магчымасці перасячэння пуцявін зведзеныя да нешматлікіх станцый, падземныя пераходы на якіх збудаваныя з прымяненнем тэхналогій мінулага стагоддзя з крутымі лесвіцамі. Для раварыстаў гэта значыць альбо перанос ровара на сабе пад зямлёй, альбо перапрабегі ў некалькі кіламетраў з мэтай аб’езду новых перашкод.

Асабліва хочацца адцеміць рэжым працы святлафораў у тых месцах, дзе яны яшчэ засталіся. Каб дагадзіць аўтамабільнаму лобі, большасць іх працуе ў рэжыме прыкладна 10/90, дзе прыблізна 10 секунд гарыць зялёнае святло для пешаходаў і 90 — для аўтамабіляў. Відавочна, у разуменні тых, хто прымае гэткія рашэнні, стаяць паўтары хвіліны пад дажджом ці ў мароз значна прыемней, чым у сухім і цёплым аўтамабілі. А ў рэальнасці і гэтыя нікчэмныя 10 секунд дзеляцца з патокам транспарту, што паварочвае, і паступова мы страчваем імідж горада, у якім пешаходы дысцыплінаваныя і не бегаюць на чырвонае святло.

Што да «Гарадскіх ліній», то гэта адзіны від грамадскага транспарту, які афіцыйна дазваляе і рэгламентуе правоз ровара. Мы мяркуем, гэта — чыстая выпадковасць, выкліканая наяўнасцю заводскай налепкі з выявай ровара на рухомым складзе. Увесь астатні грамадскі транспарт горада і краіны ў цэлым па-ранейшаму, мякка кажучы, не прыхільны да спробаў правозу ровара.

Усе шматгадовыя надзеі на станоўчыя змены ў Правілах дарожнага руху ў 2014 годзе засталіся няспраўджанымі. У частцы руху ровараў правілы застаюцца дыскрымінацыйнымі, супярэчлівымі самі сабе і міжнароднай першааснове — Венскай канвенцыі. Больш за тое, нават гэтыя правілы інспектары дарожна-патрульных службаў працягваюць інтэрпрэтаваць выключна на свой густ і адмаўляюць раварыстам у гарантаванні бяспечных і эфектыўных умоваў дарожнага руху, бо лічаць, што «рух раварыстаў па праезнай частцы неабходна разглядаць як выключны выпадак».

У пытаннях арганізацыі веларуху па ходніках 2014 год таксама не прынёс ніякіх зменаў. Млявыя бессістэмныя спробы размалёўвання асобных участкаў ходнікаў белай фарбай суседзяць з прыступамі барацьбы з бардзюрным каменем. У той жа час большая частка пакрыцця ходнікаў нават зыходна была створана шляхам утрамбоўкі цёплага асфальту цяжкімі ботамі працаўнікоў ЖКГ, а доўгія гады эксплуатацыі толькі дадалі кепска заштукаваных адтулін ад розных прац на гэтым і без таго няроўным полі. Плюс да гэтага любыя рамонтныя працы заўжды праводзяцца з поўным перагароджваннем шляху без намёку на які-кольвек абыход ці аб’езд. Любая будаўнічая ці іншая тэхніка таксама абвязкова стаіць менавіта на ходніку. І ДАІ па-ранейшаму лічыць, што менавіта раварыст ёсць тым су́вязным звяном, якога так нестае пешаходам на ходніках.

У працяг тэмы можам упэўнена канстатаваць, што комплекс ужо зробленых захадаў да 2014 года пераканаў усё грамадства ў тым, што ва ўсіх бедах горада проста або ўскосна вінаватыя акурат раварысты. Любая навіна пра ДТЗ з удзелам раварыста ў інтэрнэт-рэсурсах абавязкова абрастае даволі паказальным шлейфам каментароў з агульным настроем «гэтак яму і трэба».

Уласна, роварнай інфраструктуры за год фактычна не з’явілася. Мы чакалі да апошняга, спадзеючыся, што абяцаныя да канца 2014 года 300 кіламетраў веладарожак у навагоднюю ноч прынясе Дзед Мароз, але неяк не склалася. Светлым пробліскам ва ўсёй інфраструктурнай тузе сталіся велапаркоўкі ад кампаніі Velcom.

Падсумуем. 2014 год, на жаль, так і не стаў годам злому тэндэнцыі да пагаршэння ўмоваў руху для раварыстаў, якая прасочваецца апошнія гадоў 10. Беручы да ўвагі працяг натуральнай дэградацыі наяўнай інфраструктуры, агульную аўтамабілецэнтрычнасць у розумах людзей і некаторы скептыцызм што да фінансавых магчымасцяў горада ў 2015 годзе, чакаць асаблівых цудаў у новым годзе таксама не выпадае.

Аляксандр Дзешчанка

2015 год, 25 февраля

Прокрутите вверх