23 траўня ўжо ў сёмы раз стартуе сутачны марафон «RSport Налібакі’15». Гэта найбуйнешыя і найвядомейшыя аматарскія спаботніцтвы ў Беларусі. Удзел у марафоне могуць узяць як прафесійныя спартоўцы, так і аматары, што хочуць актыўна адпачыць на прыродзе.
Сёлета базавы лагер размесціцца на тэрыторыі кемпінгу «Клёвае месца» каля Вілейскага вадасховішча. Маршруты марафону будуць праходзіць па самых маляўнічых мясцінах Вілейскага і Лагойскага раёнаў.
Марафон «Налібакі» праводзіцца для раварыстаў, аматараў бегу, воднікаў і мультыспартоўцаў, чыя дыстанцыя складаецца з бегавога, воднага, роварнага і вяровачнага этапаў. Пераможцы і прызёры будуць вызначацца паводле ўзроставых і катэгарыйных залікаў, для кожнага з якіх падрыхтавана мноства выдатных прызоў.
Кожны год самымі папулярнымі з’яўляюцца роварныя дыстанцыі. Веламарафон «RSport Налібакі’15» падзяляецца на вялікі і малы марафоны. Удзельнікам вялікага веламарафону належыць пераадолець 210 кіламетраў за 24 гадзіны. Таксама прадугледжаныя скарочаныя варыянты вялікай веладыстанцыі — 165 і 95 кіламетраў. Даўжыня маршруту малога веламарафону складае 95 кіламетраў і выдатна падыдзе для марафонцаў-пачаткоўцаў.
Бегавы марафон «RSport Налібакі’15» традыцыйна збяре як дасведчаных спартоўцаў, так і маладых аматараў бегу. І тыя, і тыя змогуць выбраць дыстанцыю паводле сваіх сілаў. Сутачны забег у межах вялікага бегавога марафону будзе праходзіць па маршруце, роўным 95 кіламетрам. А 45 кіламетраў малой бегавой дыстанцыі можна прайсці альбо прабегчы ў кампаніі сваіх сяброў як дзеля перамогі, так і дзеля прыемнасці.
Для самых трывалых марафонцаў падрыхтаваныя экстрэмальныя выпрабаванні ў межах мультымарафону «RSport Налібакі’15». Удзельнікаў чакае 95 кіламетраў веладыстанцыі, 45 кіламетраў бегу, сплаў па рацэ даўжынёю 6 км і вяровачны этап.
Водны марафон сёлета будзе праходзіць у трох класах: для экіпажаў з 2 чалавек з каркаснай байдаркай, для экіпажаў з 2 чалавек з надзіманай байдаркай і экіпажаў з аднаго чалавека. Водны марафон праводзіцца ў два этапы. Спярша ўдзельнікі праходзяць першы этап марафону працягласцю 50 кіламетраў па рацэ Ілія, а затым — другі этап па Вілейскім вадасховішчы (45 км). Усю дыстанцыю воднага марафону можна паспрабаваць прайсці за адзін дзень або з разбіўкай на два дні.
І, нарэшце, для тых, хто больш хоча нацешыцца прыродай, чым спаборнічаць, падрыхтаваныя прагулачныя дыстанцыі. Можна прабегчы 20 кіламетраў ці праехаць на ровары 45, а потым вярнуцца ў лагер і чакаць вяртання сваіх таварышаў з даўжэйшых маршрутаў.
Адметнасць марафону «RSport Налібакі’15» палягае ў тым, што ўзяць удзел у ім змогуць людзі самых розных узростаў і самай рознай фізічнай падрыхтоўкі. Гэтак, у «Сямейным» класе можна выступаць бацькам з іх маленькімі дзецьмі. Традыцыйна каштоўнымі прызамі будуць узнагароджаны самыя юныя і найстарэйшыя марафонцы.
Перад стартам усе ўдзельнікі марафону атрымаюць падрабязныя мапы і легенды маршруту, а таксама спецыяльныя электронныя прыстасаванні для кантролю часу. На маршрутах усіх класаў будуць месціцца кантрольныя пункты, дзе ўдзельнікі змогуць папоўніць запасы вады, паесці смачнае ежы й адпачыць перад наступным этапам.
Завершацца спаборніцтвы а 12:00 24 траўня, пасля чаго пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў. Таксама частка прызавога фонду марафону будзе разыграная паводле прынцыпу латарэі сярод усіх удзельнікаў незалежна ад іх выніку. Таму шанец атрымаць каштоўны прыз будзе ў кожнага.
Трэкі марафону ўжо даступныя ў сеціве, таму можна смела ехаць на разведку і трэніроўкі!
Рэгістрацыя на марафон праходзіць на сайце promwadtour.com. Усіх, хто паспее падаць заяўкі на ўдзел да 12:00 9 траўня, чакае зніжка!
Генеральны спонсар марафону — крама спартыўнага адзення і харчавання RSport.
Прызавымі спонсарамі мерапрыемства ўжо сталі сетка крамаў «СпортЭксперт», крама рыштунку Robinzon.by, сетка крамаў «Актыўная зона», крама К8 і кампанія Normark.
Больш падрабязную інфармацыю пра марафон вы можаце знайсці на сайце promwadtour.com. Таксама сачыце за навінамі на форуме poehali.net.