9 жніўня а 17-й — прэзентацыя велапрычэпа і майстар-клас катання ў парку Горкага

   

У нядзелю, 9 жніўня, а 17:00, у парку Горкага адбудзецца прэзентацыя велапрычэпа для катання дзяцей з цяжкімі фізічнымі абмежаваннямі, а таксама майстар-клас, дзе любое дзіцё зможа пракаціцца, а любы з бацькоў зможа пракаціць, і абое адчуць сябе спартоўцамі. Асабліва вітаецца ўдзел татаў, у коле якіх варта было б абмеркаваць выгоды і недахопы прэзентаванага велапрычэпа, а таксама як атрымаць такі спартовы рыштунак у кожную сям’ю.

Уяўленні пра спорт як занятак для моцных, спрытных і трывалых, не зусім слушныя, бо навука фізіка вызначае спорт усяго толькі як  працяглае добраахвотнае супраціўленне сілам трэння, прыцягнення і супрацьдзеяння старонніх прадметаў. З гэтага зразумела, што фразу «Спорт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі» прыдумалі для таго, каб кагосьці пакрыўдзіць. Насамрэч, адзінымі абмежаваннямі для спорту ёсць кепскае самаадчуванне або адсутнасць жадання. 

Прыдатныя віды спорту цалкам можна падабраць нават для тых, хто ляжыць, не гаворыць і не карыстаецца рукамі. Напрыклад, для дзяцей з цяжкай формай ДЦП або любымі іншымі фізічнымі разладжаннямі. Самае даступнае, што можа быць — гэта катанне. 

 

Катанне як від спорту існуе падаўней, хаваючыся пад рознымі назовамі. Гэта і ска́чкі, і спуск з гары на лыжах ці санках, і скачкі́ з парашутам, і ветразёвыя гонкі, і водныя лыжы, і ўсё іншае, дзе адна з сілаў цягне спартоўца наперад, а ўсім астатнім ён супраціўляецца. Для таго, каб зладзіць катанне для дзіцяці з ДЦП, дастаткова далучыць да ровара прычэп.

Пры ўсёй уяўнай пасіўнасці катання на ровары насамрэч усе неабходныя элементы спорту тут ёсць. Сіла ровара цягне спартоўца наперад, а сам ён процідзейнічае сустрэчнаму патоку паветра, а таксама сілам трэння і прыцягнення, што перадаюцца праз вібрацыю велавазка. Добраахвотнасць і працягласць спартовага мерапрыемства нескладана вызначаецца паводле рэакцыі ўдзельніка. А калі такое мерапрыемства праходзіць публічна, сюды дадаецца таксама традыцыйная спартовая эстэтыка. А таксама ні з чым не зраўнаны высокі спартовы эмацыйны ўздым. 

Магчыма, звычайнаму чалавеку такі спорт падасца прымітыўным, аднак не варта параўноўваць магчымасці звычайных і незвычайных людзей. Бо кенійскаму бегуну ўдзельнікі аматарскага раённага кросу таксама здаюцца соннымі пешаходамі. Аднак самі гэтыя «сонныя пешаходы», шчасліва сціраючы пот з ілба, з гонарам панясуць дахаты  свае кубкі, граматы і магніцікі на лядоўню. 

У нядзелю, 9 жніўня, а 17:00 у парку Горкага адбудзецца прэзентацыя велапрычэпа для катання дзяцей з цяжкімі фізічнымі абмежаваннямі, а таксама майстар-клас, дзе любое дзіцё зможа пракаціцца, а любы з бацькоў зможа пракаціць, і абое — адчуць сябе спартоўцамі. Асабліва вітаецца ўдзел татаў, у коле якіх варта было б абмеркаваць выгоды і недахопы прэзентаванага велапрычэпа, а таксама магчымасці атрымання такога спартовага рыштунку ў кожную сям’ю.

Усе падрабязнасці — у арганізатара.

2015 год, 6 августа

Прокрутите вверх