Зялёная сетка

Зусім нядаўна адбылася прыемная падзея ў жыцці нашай арганізацыі. Гамонка ідзе на дадзены момант не пра Дзень без аўтамабіля (гэта само па сабе свята, хаця ў Мінску яго і не адзначалі), а пра тое, што  было прынята рашэнне ўключыць нашае таварыства ў Зялёную сетку.

Што гэта такое? Экалагічнае таварыства, якое мае на мэце стварэнне ўплывовай экалагічнай супольнасці, якая эфектыўна ўдзельнічае ў рашэнні экалагічных праблемаў і прыняцці экалагічна значных рашэнняў. Сярод сябраў таварыства ёсць, напрыклад, Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экасфера”, Міжнародны гуманітарна-асветніцкі фонд “Жывое партнёрства” і інш. Прычым, што прыемна, колькасць сябраў таварыства пастаянна пашыраецца.

Што нам гэта дае? Ды вельмі простую рэч, а менавіта – падтрымку. Ад звычайнага подпісу пад лістом (3-4 грамадскія арганізацыі, якія падпісаліся пад адной просьбай, маюць болей шансаў дабіцца свайго) да падтрымкі ў правядзенні нейкіх акцый, пошуку спонсараў і інш. Таксама мы будзем мець больш кантактаў з людзмі, неабыякавымі да экалагічнай праблемы, а ніхто не будзе спрачацца з тым, што падтрымка роварнага руху экалогію аніяк пашкодзіць не можа – зусім нават наадварот, толькі палепшыць.

Са свайго боку мы, безумоўна, будзем прымаць удзел у акцыях Зялёнай сеткі (і, думаю, з вялікім задавальненнем), падтрымліваць яе намаганні па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў краіне (зноў жа – з задавальненнем), і проста прыязна кантактаваць.

У сувязі з чым зычым нам посьпехаў у супрацоўніцтве!