Мінск з цягам часу становіцца ўсё больш падобны да іншых еўрапейскіх сталіц. Можа быць, не ва ўсім, але ў колькасці ровараў – дакладна. Паводле апошніх падлікаў на працягу гэтага сезона на вуліцы Мінска выедзе больш за 300 000 раварыстаў.
Ды толькі вось бяда – раварыстаў становіцца больш, а праблемы якія былі – такія і засталіся. Не зважаючы на тое, што патэнцыяльна Мінск вельмі зручны для велапаездак, умовы, якія ёсць у ім на дадзены момант, не зусім спрыяюць шчырым веласіпедыстам. Праблемы ёсць як у аматараў проста пакатацца, так і ў спартоўцаў, пра што сведчыць нядаўняя аварыя на кальцавой дарозе. Не хапае дарожак, стаянак, зашмат высокіх бардзюраў…
І вось дзеля таго, каб супольна пераадольваць гэтыя праблемы, 5 лютага 2011 года было заснавана Мінскае роварнае таварыства – арганізацыя, якая ставіць сваёй мэта развіццё і пашырэнне роварнага руху ў Мінску і Мінскай вобласці.
16 сакавіка таварыста было афіцыйна зарэгістравана, і цяпер раварысты маюць першую афіцыйную арганізацыю, якая будзе прадстаўляць іхныя інтарэсы.
Асноўныя мэты арганізацыі простыя і зразумелыя кожнаму, хто ў якасці транспартнага сродка абірае двухколавага сябра:
- каб пры планаванні гарадской інфраструктуры ўлічвалі інтарэсы раварыстаў;
- каб з’явілася магчымасць не скакаць па бардзюрах;
- каб роварныя дарожкі і роварныя палосы сталі нармальнай з’явай у нашым горадзе.
Таксама, безумоўна, арганізацыя будзе супрацоўнічаць з роварнымі суполкамі іншых краін, абменьвацца вопытам стварэння роварнай інфраструктуры, прычым не проста супрацоўнічаць, а збіраецца стаць актыўным сябрам European Cycling Federation. Апроч гарадской інфраструктуры ў планах развіццё роварнага турызма, і адным з першых крокаў будзе складанне беларускай часткі маршрута EuroVelo EV2 – трасы, якая ідзе з Голуэя ў Маскву, і яшчэ шмат іншага. Але самае галоўнае – зрабіць так, каб ровар у нас заняў сваё пачэснае месца сярод усіх астатніх транспартых сродкаў і не ўспрымаўся, як цяпер, парыяй сярод эліты з рухавікамі ўнутраннага спальвання.