Улік буслоў - 2014

Улік буслоў 2014

BikeBirdWatching альбо яшчэ адзін фармат роварных вандровак

Раварысты і аматары вандровак! Запрашаем прыняць удзел у летнім уліку буслоў.

У 2014 годзе пад эгідай Сусветнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International праводзіцца Сёмы міжнародны перапіс гэтых птушак. Праводзіцца такі ўлік раз на 10 год. У нашай краіне рэгулярныя нацыянальныя ўлікі белага і чорнага бусла пачаліся з канца 1950-х гадоў. Па дадзеных апошняга з іх, у 2004 годзе ў Беларусі жыло каля 21,5 тыс. пар белага бусла (9% сусветнай папуляцыі віду) і больш за 1 тыс. пар чорнага бусла.

У Беларусі ўлік праводзяць грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) і Лабараторыя арніталогіі НПЦ НАН РБ па біярэсурсах.

Што такое ўлік буслоў?

Навошта ён патрэбен?

Белы бусел, як і яго бліжэйшы сваяк - чорны бусел, добра вядомыя і любімыя ў нашай краіне птушкі. Яны больш чым іншыя віды дзікіх жывёл звязаны з жыццём і дзейнасцю людзей. Пастаяннае сачэнне (маніторынг) за зменай колькасці буслоў можа шмат распавесці аб стане навакольнага асяроддзя і дазваляе аператыўна рэагаваць на негатыўныя змены экалагічнага становішча.

За апошнія сто год у некаторых заходнееўрапейскіх краінах белыя буслы наогул зніклі. Так, у Даніі ў канцы 19 ст. гнездавалася каля 4 тыс. пар гэтых птушак, у 1994 г. налічвалася ўсяго 6 пар, а ў 2004 г. - толькі 3 пары. Апынуліся на мяжы знікнення буслы ў Швейцарыі і Італіі, але на шчасце ў апошнія гады колькасць птушак у гэтых краінах пачала крыху павялічваца, у тым ліку і дзякуючы прынятым мерам аховы. Менавіта таму з 1934 года дзейнічае адна з найстарэйшых міжнародных праграм маніторынгу біяразнастайнасці - Міжнародныя ўлікі колькасці белага бусла, якія ў апошнія дзесяцігоддзі арганізуюцца з інтэрвалам у 10 гадоў.

Прачытаць больш пра буслоў вы можаце тут

BikeBirdWatching альбо што агульнага паміж роварамі і бердвотчынгам?

Мы прапануем вам паўдзельнічаць у нашай акцыі не толькі таму, што бусел - гэта марка ровара.

Ровар - ідэальны транспарт для ўліку птушак, яго выбіраюць многія прафесійныя арнітолагі, бо ён дазваляе абследаваць цяжкадаступныя месцы, не палохае птушак, экалагічны, набліжае чалавека да прыроды.

Ровар - гэта адна з формаў свабоды, і таму асабліва блізкі да той свабоды, якую  маюць птушкі.

Бердвотчынг (назіранне за птушкамі) для вас можа апынуцца яшчэ адной формай вывучэння прыроды і падарожжа.

Як стаць назіральнікам і што значыць ваша адказнасць?

Кожны, хто гатовы паўдзельнічаць ва уліках, можа выбраць прыдатны для сябе фармат: адзначаць птушак для пэўнага населенага пункта, альбо зрабіць ўлікі на квадратах 10:10 км або 5:5 км. Атрыманыя дадзеныя заносяцца ў анкету, якая дасылаецца ў АПБ або Цэнтр па біярэсурсах. Удзельнічаючы ў такіх уліках, вы дапамагаеце абследаваць вялікую тэрыторыю, а значыць атрымаць больш поўную інфармацыю аб стане папуляцыі беларускіх буслоў. Але не варта забывацца пра якасць: ўлікі птушак гэта сур'ёзнае мерапрыемства і толькі ад вас будзе залежаць наколькі дакладныя дадзеныя атрымаюцца. Памятаеце, што гэтыя дадзеныя будуць выкарыстаны ў навуковай рабоце, таму вельмі важная іх дакладнасць.

Калі праводзіцца акцыя?

Назіранні праводзяцца з канца чэрвеня па канец ліпеня, калі лёгка можна падлічыць не толькі колькасць гняздуючых пар буслоў, але і колькасць выгадаваных птушанят. Падрабязней даведацца пра методыку улікаў, а таксама спампаваць анкеты можна на сайце АПБ  http://www.ptushki.org/uliki_buslou_2014

Як правільна абследаваць? Як выбраць раён і як заносіць дадзеныя?

Для ўдзельнікаў улікаў першая арганізацыйная сустрэча адбудзецца 17 чэрвеня ў офісе АПБ (Парніковая 11, пам.4, уваход са двара паміж 1-ым і 2-ім пад’ездамі) а 7 гадзіне вечара. Прысутнічаць на сустрэчы можа адзін чалавек з групы, менавіта на сустрэчы будзе праводзіцца размеркаванне тэрыторый, раздача мап.

Калі вы ня можаце трапіць на гэтую сустрэчу, але зацікаўлены стаць назіральнікам, то усю інфармацыю пра падлік вы можаце атрымаць звязаўшыся з намі праз паштовую скрыню ulikibuslou2014@gmail.com альбо па тэлефоне.

 

Як арганізуюцца групы уліку?

1) Самастойна. Пасля таго, як вы прайшлі інструктаж, вы выбіраеце рэгіён, які плануеце абследаваць самастойна.

2) Разам з намі. Вы можаце далучыцца да 1-2 вандровак, што будзе арганізоўваць Мінскае роварнае таварыства і павандраваць разам з нашымі актывістамі. Сачыце за абвесткамі!

3) Праявіце ініцыятыву! Калі хочаце, вы можаце таксама стаць арганізатарам такіх адкрытых вандровак.

Якая ваша ўзнагарода?

Ваша узнагарода - захаваная прырода Беларусі.

Мінскае роварнае таварыства дапамагае ў арганізацыі назіранняў. Усе ўдзельнікі ўлікаў атрымаюць налепкі на ровар/ноутбук з сымволікай ці магніцікі на лядоўню, і невялічкія карысныя роварныя бонусы ад Мінскага роварнага таварыства. Таксама вы можаце замовіць цішотку з сымволікай і надпісам “Улік буслоў 2014”. Кошт цішоткі - ад 95 тысяч рублёў.

logo_birds-1.jpg

Кантактная асоба:

Кузьмянкова Насця

Супрацоўнік па працы з валанцерамі

ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

маб: +375 29 1755122 (Velcom)