Заява МРТ што да разгону «Крытычнай масы»

Заява Мінскага роварнага таварыства ў сувязі з разгонам акцыі «Крытычная маса» 29 красавіка ў Менску і затрыманнем яе ўдзельнікаў.

Мы, актыў Мінскага роварнага таварыства, патрабуем спыніць адміністрацыйны і крымінальны пераслед удзельнікаў акцыі «Крытычная маса», што адбылася 29 красавіка.

Увечары 29 красавіка прадстаўнікамі праваахоўных органаў была разагнаная акцыя «Крытычная маса», якая праходзіла ў Мінску.

Калона раварыстаў, якія ехалі па праезнай частцы каля стэлы «Мінск — горад-герой», была спынена супрацоўнікамі ДАІ, АМАП і людзьмі ў цывільным. Шасцёра ўдзельнікаў былі затрыманыя з грубым ужываннем фізічнай сілы. Пасля гэтага ў РУУС на іх былі складзеныя пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэнні: парушэнне правілаў дарожнага руху і непадпарадкаванне патрабаванням зʼехаць з праезнай часткі.

Наступным днём на двух раварыстаў завялі крымінальныя справы па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення свабоды.

«Крытычная маса» — гэта збор раварыстаў, які праводзіцца ў апошнюю пятніцу кожнага месяца ў больш як 300 гарадах па ўсім свеце. Акцыі носяць мірны характар. Мэты правядзення акцыі: папулярызацыя роварнага транспарту, звяртанне ўвагі на праблемы бескантрольнай аўтамабілізацыі, да неабходнасці правядзення транспартных рэформаў, узаемнай павагі на дарогах. Першая «Крытычная маса» ў Мінску адбылася ў 2004 годзе.

Мы расцэньваем ідэю акцыі як мірную, з мэтамі, скіраванымі на рэфармаванне транспартнай палітыкі горада і паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў горадзе.

Мы лічым, што супрацоўнікамі праваахоўных органаў была неправамерна і несувымерна выкарыстана фізічная сіла ў дачыненні да раварыстаў — удзельнікаў мірнай акцыі.

Мы звяртаем увагу і на тое, што былі затрыманы і ўдзельнікі акцыі, якія перамяшчаліся па ходніку і не парушалі ПДР. Мы лічым, што гэта парушае права на свабоду сходаў, гарантаванае артыкулам 35 Канстытуцыі.

Дзейны закон «Пра масавыя мерапрыемствы» носіць абмежавальны характар і не дазваляе праводзіць акцыі, у тым ліку экалагічныя, з улікам гарантый, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам пра грамадзянскія і палітычныя правы.

У сувязі з вышэйсказаным просім правесці незалежную і адэкватную ацэнку дзеяння ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у тым ліку звязаных з ужываннем сілы ў дачыненні да раварыстаў.

Патрабуем спыніць адміністрацыйны і крымінальны пераследы актывістаў, а затрыманых адпусціць на свабоду.

6 мая 2016 года

 

Дадаткова:

Агульная заява грамадскіх арганізацый: http://greenbelarus.info/articles/06-05-2016/zayavlenie-ekologicheskoy-o...

Аналіз сітуацыі: http://greenbelarus.info/articles/06-05-2016/chamu-aktyvistam-i-udzelnik...