Велафорум-2011

   

17-18 верасня 2011 г. у Гародні дзякуючы намаганням ініцыятывы “Вела-Гродна” быў праведзены першы форум раварыстаў Беларусі. Ад Мінска ў ім прымалі ўдзел старшыня Мінскага роварнага таварыства Яўген Харужы, Ігар Скрыпка і Марына Амбражэйчык.
Адразу можна сказаць, што дадзеная ініцыятыва – новы і вельмі істотны крок у развіцці роварнага руху краіны. Удзельнікі форума прыехалі амаль з усіх абласных цэнтраў (адсутнічалі толькі прадстаўнікі Віцебска), а таксама з горада Ліды. Ужо ў першы дзень падчас прэзентацый можна было зразумець, што праблемы ў нас агульныя, і што дзеля іх вырашэння нам проста неабходна нейкім чынам каардынаваць свае намаганні, імкнуцца разам дастукацца да гарадскіх і рэспубліканскіх уладаў.
Рэшта першага дня, а таксама ўвесь другі дзень былі прысвечаны трэнінгам па правядзенні грамадскіх кампаній, а таксама абмеркаванням праблемаў, якія стаяць перад раварыстамі, і шляхоў іх пераадолення.

Насамрэч, неабходнасць такога форума наспела ўжо даўно, і можна толькі падзякаваць гарадзенцам, што здолелі яго зладзіць. Па-першае ён паказаў, што многія праблемы, з якімі змагаюцца велаактывісты, зусім не лакальныя, а з’яўляюцца актуальнымі для ўсёй краіны (бардзюры, 148 пункт ПДР, праблемы з перавозкай ровараў у прыгарадных цягніках і г.д.). І, безумоўна, адно гэтае ўжо дало дадатковы імпульс для велаактывістаў – як кажуць, разам і бацьку біць лягчэй. Па-другое, даў магчымасць дзеянні па пераадоленні агульных праблемаў скаардынаваць. Дзяніс Чыкалёў (больш вядомы многім як Дзёндзя) нават паабяцаўся ўзяцца за стварэнне агульнабеларускага роварнага інтэрнэт-рэсурса. Спадзяемся, што ўсё атрымаецца.
І, па-трэцяе, узнік шэраг ідэй, якія хацелася б ажыццявіць на працягу года. Гэта:
1. стварэне агульнабеларускай сеткі роваратурыстычных маршрутаў;
2. правядзенне агульнабеларускага роварнага фэста;
3. ужо згаданае стварэнне інтэрнэт-рэсурса;
4. вырашэнне пытання з правозам ровараў у прыгарадных цягніках і перасячэння на роварах мяжы
5. і шмат чаго іншага.

Ну і, вядома, паколькі мы пазнаёміліся, то будзем ездзіць адзін да аднаго ў госці, стасункавацца, абмяркоўваць новыя ідэі і планы… Карацей кажучы, ёсць чым заняцца.

2011 год, 21 сентября

Прокрутите вверх