Хацелі як лепей?

Праспект Незалежнасці з’яўляецца ажыўленай роварнай магістраллю, якая лучыць Уручча з цэнтрам горада. Да жалю, на ім ёсць некалькі месцаў, праезд якіх ніяк нельга назваць бяспечным. Пасля некалькіх ДТЗ з удзелам раварыстаў на з’езде з праспекта Незалежнасці да МКАД каля 15-га корпуса БНТУ (Незалежнасці, 150), ДАІ прыняла тэрміновыя захады дзеля бяспекі раварыстаў на гэтым пешаходным пераходзе — усталявала агароджу. Наведнікі сайта http://veloby.net/ сфатаграфавалі вынік.

З аднаго боку, слушна: пешаходны пераход з дыяганальнага стаў перпендыкулярным восевай лініі з’езду. Але калі паглядзець уважлівей, адразу паўстае шэраг пытанняў:

  1. А дзе, уласна, пешаходны пераход? Няма ані знакаў, ані разметкі. Як кіроўцаў папярэджваюць пра тое, дзе чакаць пешаходаў, не кажучы ўжо пра раварыстаў?
  2. А як пераехаць інваліду-вазочніку? Пераход перанеслі, а бардзюр не чапалі. Хоць і раней вышыня бартавога каменя была заўважна вышэйшай за належныя 5 см, але 15 см стануць адназначна непераадольнай перашкодай і змусяць рухацца па праезнай частцы.
  3. Недасведчаны раварыст, едучы з боку Ўручча, можа парушыць правілы дарожнага руху і выехаць на пераход, не сышоўшы з ровара (дарэчы, цяпер у гэтым месцы, згодна з правіламі, спешвацца не абавязкова — пераходу ж няма!), але высокі бардзюр яго спыніць і вымусіць спешвацца проста на праезнай частцы, што ніяк не павялічвае бяспеку.

Вось і атрымліваецца, што замест вырашэння праблемы, выкліканай непісменнасцю праектавальнікаў развязкі, ДАІ прадэманстравала паспешлівасць і непрадуманасць сваіх дзеянняў, якія могуць прывесьці да не менш сумных наступстваў за бяздзейнасць.