Сустрэча ў Налібоцкай пушчы

Белорусский

Пачалося ўсё з таго, што да Яўгена Харужага звярнуўся Алесь Белы — уладальнік аграсядзібы “Марцінова Гусь” і старшыня Мінскай абласной рады па аграэкатурызме — з прапановай аб супольным стварэнні роварных турыстычных маршрутаў па Налібоцкай пушчы. Ну вось, 22 красавіка мы (Яўген Харужы, Ігар Скрыпка і Аляксандр Мікановіч) паехалі ў “Марцінову Гусь”. Там да нас далучыліся яшчэ Аляксандр Радзько ды Марына Амбражэйчык. Прыехалі — і за стол. У сэнсе, перамоваў. Ласкава прымаў нас Алесь Белы, а таксама прысутнічалі Ганна і Дзмітрый Наканечныя (уладальнікі аграсядзібы “За масточкам”) і Васіль Шакун — прадстаўнік “Белдзяржпалявання”.

Размова была цікавая і плённая. Высветлілася, што задумкі нашыя і нашых візаві надзвычай супадаюць. І ім, і нам цікава развіваць роварны турызм у ягоным цывілізаваным выглядзе — з пазначанымі трасамі, месцамі адпачынку і начлегу, з якаснымі сцежкамі. Да гэтага мы і будзем імкнуцца.

Паспелі мы і праехацца па адной з ужо пазначаных Алесем Белым роварных трасаў. Безумоўна, трэба прыкладаць да гэтага рукі, бо відно, што пазначэнні зробленыя аўтамабілістам, які вельмі добра ведае гэтыя мясціны. Для навічка-велатурыста праехацца па гэтых знаках, нават падмацаваных легендай, амаль немагчыма.

У наступны прыезд (у бліжэйшыя выходныя) паедзем разведваць іншыя магчымыя маршруты. Пасля гэтага плануецца валанцёрская паездка пад умоўнай назвай “Размалюй Налібоцкую пушчу”. І калі ўсё будзе добра, дык і размалюем — знакамі роварных турыстычных маршрутаў.

Трэба, зрэшты, дадаць, што Налібоцкая пушча папярэдне ўключана ў маршрут EV-2. Таму да некаторых маршрутаў будзе павышаная ўвага.