Турызм

ШАНОЎНЫЯ РАВАРЫСТЫ І РАВАРЫСТКІ!

Мінскае роварнае таварыства распачало працу над праектам “Мінскія ваколіцы”. Сэнс ягоны – стварэнне роваратурыстычных трасаў у Мінскім раёне. Прычым “стварэнне” – гэта не жарт. Гамонка ідзе пра:
1. Праездку і праверку маршрутаў;
2. Апісанне іх пазначэнне на мапах;
3. Пазначэнне на мясцовасці.

Мы хочам стварыць трасы, якія былі б цікавымі для ўсіх і прыдатнымі для падарожжаў любой складанасці, у сувязі з чым мяркуем ужыць для іх прынцып “стрыжня і абмоткі”. Першым этапам павінна стацца менавіта “праездка” маршрутаў, прычым не па адным разе, паколькі неабходна выбраць як “стрыжань”, так і “абмоткі”. Папярэдне намі падабраныя наступныя маршруты:

Маршрут №1 РАКАЎ

1. Варыянт 1 – Мінск – Новае Поле – Ракаў – Аксакаўшчына – Мінск (каля 65 км. ад кальцавой.)
2. Варыянт 2 – Мінск – Новае Поле – Ракаў – Волма – Азярцо – Мінск (каля 95 км. ад кальцавой)

Маршрут №2 АЗЯРЦО (Строчыцы)

Мінск – Сенніца – Прылукі – Атоліна – Воўчкавічы – Гарадзішча – Азярцо – Мінск (каля 40 км. ад кальцавой)

Маршрут №3 ЗАСЛАЎЕ і МІНСКАЕ МОРА (каля 40 км. ад кальцавой)

1. Варыянт 1 – Заказнік Лябяжы – Ждановічы –Крыжоўка – Зялёнае – Заслаўе (5 аб’ектаў) – Сёмкава – Гарадок – Мінск
2. Варыянт 2 – Заказнік Лябяжы – Ждановічы – СК Юнацтва – Заслаўе (5 аб’ектаў) – Сёмкава – Гарадок – Мінск

Маршрут №4 СМІЛАВІЧЫ

1. Варыянт 1 – Мінск – Трасцянец – Дукора (па М5) – Смілавічы (Р69) – Мал. Ляды – Драчкава – Мінск. (каля 90 км.)
2. Варыянт 2 – Мінск – Дукора – Смілавічы – Мінск (каля 70 км.)
3. Варыянт 3 – Мінск – Смілавічы – Мал. Ляды – Драчкава – Мінск (каля 70 км.)

Маршрут №5 ЛАГОЙСК

Мінск – Бараўляны – Астрашыцкі гарадок – Сілічы – Лагойск – Усяжа – (Высокае?) – Аколіца – Раўбічы – Мінск. (каля 80 км.)

Па маршрутах №1 і №2 мы ўжо нават паспелі па разу праехацца, але па разу, безумоўна, мала. Паездкі з праверкай маршрута па мінскіх ваколіцах будуць доўжыцца ўсё лета, і мы, безумоўна, запрашаем ахвочых далучыцца да нас.
Таксама звяртаемся з пытаннямі да тых, хто ўжо знаёмы з дадзенымі маршрутамі: мо вы зможаце падказаць, параіць лепшую (цікавейшую, складанейшую) дарогу? Вашая інфармацыя можа быць для нас неацэннай.
У выніку мы б хацелі бачыць сетку пазначаных і – пры неабходнасці – упарадкаваных роварных маршрутаў, якія сталіся б цэнтрам прыцягнення не толькі для аматараў бездарожжа, але і для тых, хто хоча проста трошкі пакруціць педалі сярод палёў, лясоў і сенажацяў.