Веламаршрут «Валожынскія гасцінцы»

«Валожынскія гасцінцы» — гэта ініцыятыва супольнасці сельскага турызму, якая пачала складвацца ў Валожынскім раёне ў пачатку 2008 года і аб’яднала гаспадароў аграсядзібаў, рамеснікаў, аніматараў, музыкаў, арганізатараў актыўнага турызму, прадстаўнікоў мясцовай улады і супрацоўнікаў прыродаахоўных устаўноў. Ідэя супрацоўніцтва палягала ў тым, каб прапанаваць турысту як найболей разнастайных паслуг ды прадуктаў у Валожынскім раёне: не проста начлег і харчаванне, але й экскурсіі, турпаходы, анімацыйныя праграмы, мясцовыя фестывалі, вырабы народных майстроў і багата чаго іншага. Падчас сумеснай працы было створана некалькі новых экамузеяў у дадатак да ўжо існых, склаліся ўстойлівыя традыцыі правядзення фестываляў — найперш, салодкага «Цукеркавага фэсту» ў Івянцы і «Вольнага паветра» — летняга свята этнічнай і альтэрнатыўнай музыкі ў сядзібе «Шаблі».

Пра веламаршрут

Ідэя стварэння асобнага веламаршруту па валожынскіх гасцінцах лунала даўно. Першы невялікі размечаны кальцавы маршрут даўжынёй 20 км з’явіўся ўжо ў 2010 годзе вакол сядзібы «Марцінова Гусь». А ў 2013 годзе ўладальнікі некалькіх аграсядзібаў, прадстаўнікі грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» пры падтрымцы Мінскага роварнага таварыства і Валожынскага райвыканкама вырашылі працягнуць веламаршрут ад станцыі Багданаў цераз увесь Валожынскі раён да станцыі Радашковічы. Працягласць маршруту склала каля 150 км. Стваральнікі маршруту пастараліся ўключыць у яго самыя цікавыя мясціны Валожыншчыны: экамузеі, аграсядзібы, прыродныя ды гістарычныя цікавосткі. Валанцёры-раварысты размецілі трасу. Былі ўсталяваныя альтанкі для адпачынку й інфармацыйныя стэнды.

Праедзьце хаця б частку маршруту на двуколым «экіпажы» і пераканайцеся — наколькі іначай выглядае свет з вышыні сядла! І колькі асабістых адкрыццяў можна здзейсніць у Беларусі, зусім недалёка ад сталіцы.

Ну што, паехалі?

Для Мінскага роварнага таварыства гэты праект стаўся першым пілотным праектам якаснага турыстычнага веламаршруту.

У «Валожынскіх гасцінцаў» ёсць адмысловы сайт з мапай маршруту — hascincy.by

Навіны праекта

[По данному проекту пока не добавлено новостей]