Супрацоўніцтва з МРТ

Мінскае роварнае таварыства — адна з нямногіх арганізацый у Беларусі, якая займаецца развіццём роварнага руху ды інфраструктуры.

Наша місія: зрабіць горад зручным для раварыстаў. Мы хочам, каб роварам актыўна карысталіся як транспартным сродкам.

Нам цікавы не толькі Мінск, але і развіццё роварнага руху ў Беларусі ў цэлым.

Таму нам цікавае ўзаемадзеянне з:

  • людзьмі, у якіх ёсць цікавыя ідэі на рованую тэматыку (жаданне займацца развіццём веларуху, жаданне правесці акцыю, распрацаваць роварны маршрут, ідэі вынаходак на роварную тэму і іншае)
  • праектнымі арганізацыямі (праектавальнікамі роварнай інфраструктуры)
  • арганізацыямі, якія хочуць правесці роварную PR-акцыю або зрабіць ровар часткай сваёй унутранай культуры
  • арганізацыямі, якія працуюць у роварнай сферы (роварныя крамы, пракаты, праектныя арганізацыі)
  • арганізацыямі, якія працуюць у сферы ўрбаністыкі, гарадской мабільнасці, экалогіі
  • арганізацыямі, якія працуюць у турыстычнай сферы (тураператары, аграсядзібы і іншыя)
  • ДАІ ў пытаннях арганізацыі бяспечнага дарожнага руху
  • МУС у пытаннях прадухілення роварных крадзяжоў

Усім гэтым арганізацыям мы прапануем супрацоўніцтва. Што гэта можа быць:

Кансультаванне па шырокіх пытаннях

У нейкіх пытаннях мы ўжо эксперты, у нейкіх маем досвед, у нейкіх пытаннях мы можам запытаць інфармацыю ў нашых замежных калегаў-экспертаў. Але самае галоўнае — мы ўсе раварысты, а многія з нас — раварысты з вялікім стажам. Мы ведаем, што трэба, што зручна і што цікава раварыстам.

Звяртайцеся да нас у пытаннях:

  • Арганізацыі роварных дарожак (як гарадскіх, так і загарадных)
  • Аналізу схемы руху ровараў, праекта арганізацыі роварнага руху, плана дэталёвай планіроўкі, стратэгій і канцэпцый развіцця веларуху
  • Аналізу бяспекі дарожнага руху. Мы можам сказаць, што будзе зручна і бяспечна роварыстам, пешаходам, аўтамабілістам
  • Кансультавання наконт арганізацыі малой роварнай інфраструктуры (роварныя паркоўкі, бяспечнае захоўванне ровара, і іншае)
  • Кансультавання ў тым, як арганізаваць роварную акцыю і іншае.

Правядзенне роварных мерапрыемстваў

Мы — маладыя і энергічныя. Нам цікава займацца не толькі экспертнай працай. Мы можам вам дапамагчы правесці роварную акцыю, у тым ліку PR-акцыю, роварную пакатайку і іншае.

Дапамога ў рэалізацыі вашых роварных ідэй

Напрыклад, вы вынайшлі зручны роварны кранштэйн для захоўвання ровара ў пад'ездзе і не ведаеце, ці будзе ён карыстацца попытам і з чаго пачаць яго распрацоўку. Ці вы — бізнес-структура і хочаце стварыць перахопную паркоўку каля метро. Вам патрэбнае разуменне таго, ці спрацуе ідэя, ці не, а таксама, магчыма, дапамога ў яе лабіяванні.

Важная заўвага

Наша арганізацыя — грамадская. З гэтай прычыны мы не можам аказваць грашовыя паслугі. Таксама наша арганізацыя валанцёрская. Сябры нашай арганізацыі — людзі з запалам у вачах, але з невялікімі часавымі магчымасцямі для складаных праектаў, што вымагаюць шмат працы. Тым не менш, у нашай арганізацыі ёсць кампетэнтныя спецыялісты, якіх вы можаце наняць на падрадную працу, калі яна акажацца аб'ёмнай. Таксама мы можа вам дапамагчы знайсці патрэбнага вам спецыяліста як з Беларусі, так і запрасіць замежнага эксперта.

Нагадваем і пра тое, што мы прымаем ахвяраванні на нашу дзейнасць.

Таксама мы шукаем буйных партнёраў-донараў.