Як засцерагчы ровар ад крадзяжу

1. Сфатаграфуй свой ровар і запішы серыйны нумар рамы (звычайна ён выбіты пад сподам карэткі)! Не выкідай тэхпашпарт.

2. Карыстайся надзейным замком. Добры выбар — замок-падкова або U-lock. Такі замок нашмат надзейней за тросавыя, якія ўзломліваюцца з 5-60 секунд. Замкі-падковы не так часта сустракаюцца ў менскіх крамах, але іх можна даволі танна, часам танней, чым у менскіх крамах,  замовіць з-за мяжы. Мы раім вялікабрытанскі сайт chainreactioncycles.com ці нямецкі bike-components.de. Яны надзейныя, прымаюць аплату карткамі Visa, MasterCard беларускіх банкаў, замовы дастаўляюцца цягам аднаго-двух тыдняў.

Перад выбарам такога замка варта перагледзець параўнальныя тэсты, бо і ў гэтым сегменце можна купіць дрэнь за бесцань. Тэсты можна пабачыць тут альбо знайсці па запыце "<назва мадэлі> test rewiev". Добры замок каштуе ад 20 еўра і важыць не менш за 700 грамаў. Гэта той выпадак, калі лепш не эканоміць. Мінус замка-«падковы» — з дапамогай яго нельга прычапіць ровар да шырокага слупа. Дарагія мадэлі маюць кранштэйн каб перавозіць замок на раме.

3. Ланцуговы роварны замок такога недахопу не мае. Ён крыху трывалейшы за тросавы, але таксама няцяжка ўзломліваецца за хвіліну. Добры ланцуговы замок важкі, з тоўстымі звёнамі (5 мм у дыяметры) і важыць больш за кілаграм. Калі ставіць ровар кожны раз у адным і тым жа месцы (напрыклад, каля офіса), то можна не вазіць такі замок з сабой, а пакідаць яго прычэпленым да велапаркоўкі.

Ланцуговы замок можна зрабіць і самому — ланцуг набыць на рынку, а навясны замок — у гаспадарчай краме.

 

4. Больш надзейны, амаль як замок-падкова, — сегментны замок. Ён дарагі і трывалы, ім можна прычапіць ровар і да тоўстага слупа:

Такі замок складваецца і перавозіцца на раме — гэта зручна.

5. Паркуй ровар у найбольш людным месцы. Гэта не спыніць дасведчанага злодзея, але спужае згоншчыка-пачаткоўца, які баіцца лішняй увагі. Яшчэ лепш, калі ёсць камеры назірання і дадатковае асвятленне.

6. Правільна фіксуй ровар. Пажадана да апоры прыпяць не толькі раму, але і хаця б адно кола.

7. Гукавая сігналізацыя. Тая, што на малюнку — не вельмі якасная, крыху клопатная, але злодзея злякае.

 

8. Калі ровар нятанны — лепш яго прычапіць двума замкамі розных тыпаў.

9. Брудны ровар менш прыцягвае ўвагу злодзея.

10. Паспрабуй дамовіцца з вахцёрам, а калі не атрымаецца, то з загадчыкам памяшкання, дзе працуеш, і трымай ровар у будынку.

11. Калі ўсё ж ровар даводзіцца пакідаць на вуліцы на доўгі час, лепш лёгказдымныя цапстрыкі, а таксама пярэдняе кола з сядлом забіраць з сабой на працу.

12. Калі дазволу закочваць ровар у будынак няма, а пакідаць на вуліцы не хочацца — можна скарыстацца роварным чахлом. Гэта даволі грувасткі і нязручны па часе, але ўсё ж спосаб абысці «комплекс вахцёра».

13. Страхаванне ровара. Гэтая магчымасць дзейнічае ўжо некалькі гадоў. За штогадовую суму ў 5-7% ад кошту вашага разы, вы атрымліваеце гарантыю кампенсацыі страты ў выпадку крадзяжу, аварыі, пашкоджанне чужой маёмасці (аўтамабіля або ровара) і чужога здароўя. Пакуль што толькі некалькі кампаній прапануе такую паслугу. Ўмовы страхавання ў іх крыху адрозніваюцца - уважліва вычытвайце дамову страхавання і параўноўвайце. Белнафтастрах, Белдзяржстрах. Ведаеце іншыя кампаніі? - Паведаміце нам.

Зрэшты, ровар усё адно могуць скрасці. Дык не варта паддавацца параноі і лішне пераймацца, што там з ім на дварэ. Лепш узгадаць пра тое, што ровар — усяго толькі рэч. Як прыйшла, так можа і «сысці». Варта ставіцца да гэтага па-філасофску і проста цешыцца з паездак!