Гарадскія ініцыятывы: супрацоўніцтва, а не змаганне

Як зрабіць, каб меркаванні жыхароў былі пачутыя, а ініцыятывы падтрыманыя? Як гарадская адміністрацыя павінна расказваць пра сваю працу? Хто можа быць пасярэднікам, «перакладчыкам» паміж гараджанамі і чыноўнікамі? Што больш эфектыўна — фармальныя механізмы ці нефармальныя кантакты? Як зрабіць так, каб інфраструктура горада стваралася прыязнай для чалавека?

Запрашаем вас на сустрэчу з гарадскімі актывістамі ўкраінскага Львова і беларускага Магілёва. Размова пойдзе пра тое, як рабіць лепшымі гарады і ажыццяўляць свае ініцыятывы ў супрацы з мясцовай уладай, а не ў змаганні з ёй.

Месца — антыкавярня «Дом Фішэра», пр. Незалежнасці, 84а (уваход з двара).

Час — чацвер 16 лютага, 19:00.

Госці сустрэчы падзеляцца паспяховым досведам супрацы з гарадской адміністрацыяй і развіцця сваіх гарадоў, адкажуць на пытанні.

Арэст Алеськіў (Орест Олеськів), Львоў, Украінаурбаніст з боку ўладаў.

Велаактывіст, урбаніст, дэндролаг. Працуе ў аддзеле прасоўвання горада Львоўскай гарадской рады з 2011 года. У аддзеле урбаністыкі Інстытута прасторавага развіцця мае пасаду дэндролага. Раней працаваў у аддзеле паркаў управы экалогіі і добраўпарадкавання (2015). 

З 2013 года бярэ актыўны ўдзел у ініцыятыве «Дайце прайсці», якая змагаецца за свабодную прастору для пешаходаў. Суарганізатар Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Львове. У 2015 годзе стаў сузаснавальнікам Львоўскай асацыяцыі раварыстаў, сябрам рады. З 2017 года — старшыня Львоўскай асацыяцыі раварыстаў. Займаецца пытаннямі роварнай інфраструктуры, бяспекі дарожнага руху, арганізацыяй роварных мерапрыемстваў.

Юрый Стукалаў, Магілёў, Беларусь — урбаніст з боку грамадскасці.

Гарадскі актывіст, стваральнік «Цэнтра гарадскіх ініцыятыў» у Магілёве — арганізацыі, у даробку якой мноства гарадскіх імпрэз і праектаў: ад стрыт-арту і бясплатнага Wi-Fi на цэнтральнай плошчы да «Дранік-фэсту» з тысячамі наведнікаў. Юрый — ініцыятар стварэння канцэпцыі развіцця роварнага руху ў Магілёве. А яшчэ ён быў незалежным кандыдатам у парламент на выбарах 2016 года, і пра гэта пэўна таксама знойдзецца што апавесці.

Мадэратар сустрэчы — Дзмітрый Бібікаў, Мінск, Беларусь

Архітэктар-горадабудаўнік, урбаніст, арганізатар трох мінскіх студэнцкіх архітэктурных форумаў, суарганізатар і ўдзельнік Мінскай урбаністычнай платформы. Адзін з арганізатараў першага мінскага фестывалю урбаністыкі і сузаснавальнік часопіса «Гарадскія тактыкі». Куратар праекта Urban design (2016). Да 2016 года працаваў у Беларускім дзяржаўным навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва. Выкладае архітэктурнае праектаванне на кафедры горадабудаўніцтва БНТУ.